Алесю Бяляцкаму


Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Міру за кратамі

Хто такі Алесь Бяляцкі?

Алесь Бяляцкі — кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна». Алесь — палітычны зняволены, з 14 ліпеня 2021 года з іншымі праваабаронцамі-вясноўцамі ўтрымліваецца за кратамі за мірную праваабарончую дзейнасць і дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Усё жыццё ён прысвяціў абароне і прасоўванню правоў чалавека ў Беларусі. У 2022 годзе стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра з украінскім «Цэнтрам Грамадзянскіх Свабод» і расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял». На гэтай старонцы апісаны складаны, але паслядоўны шлях барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці беларускага праваабаронцы: ад студэнцкага руху да Нобелеўскай прэміі міру.

Алесь Бяляцкі: ад студэнцкага руху да Нобелеўскай прэміі Міру

З 19 гадоў размаўляе выключна на беларускай. Юнацтва і студэнцтва

Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёна Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі з Беларусі на заробкі. Ужо праз два гады сям’я Бяляцкіх вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Светлагорску.

«У тыя гады стаў чытаманам, якім з’яўляюся і па сёння. Пры гэтым ніхто мяне чытаць не вучыў. Асвоіў усё сам. У пяць гадоў па буквары, пытаўся ў старэйшага брата: а што гэта за літара, а якая гэта? Потым пачаў чытаць, і бацькі здзівіліся. Да пятага класа любіў біцца, не ведаў страху і рабіў гэта паспяхова, бо ніхто не чакаў удару ад ляўшы. А потым так захапіўся кнігамі, што стаў больш часу праводзіць у кватэры».

У 1979 годзе Алесь Бяляцкі паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе распачаў літаратуразнаўчую і грамадскую дзейнасць.

«Менавіта там мы пачалі задумавацца над пытаннямі беларускай мовы, развіцця гісторыі, культуры. Увогуле лёсу Беларусі. Аналізаваць, што з гэтага будзе і ў якім мы становішчы знаходзімся. Мяне ўжо тады пачалі хваляваць пытанні нацыянальнай адметнасці, беларушчыны.

У 1981 годзе на грошы, заробленыя ў будаўнічым атрадзе, адправіўся ў вандроўку па гістарычных мясцінах Беларусі. Уражанняў было шмат. Галоўнае — беларуская мова жыве! У адрозненні ад цяперашняга часу на ёй сапраўды размаўлялі ў вёсках і мястэчках, амаль паўсюль.

Падчас той вандроўкі мне пашанцавала пабываць у Мікалаеўшчыне, што, як вядома, было „родным кутом“ Якуба Коласа. Якраз набліжалася 100-годдзе з дня нараджэння дзядзькі Якуба, таму там працавалі нейкія мастакі. Самы актыўны з іх быў Мікола Купава. Мяне ўразіла іхняя беларуская мова. Гэта і стала прычынай знаёмства. Мікола спытаў: „Як цябе завуць?“ Я адказаў: „Саша“. А Купава сказаў: „Не, цябе завуць не Саша, а Алесь“. Так што з 19 гадоў я стаў Алесем, размаўляю выключна па-беларуску, і вырашыў, што ўсё з гэтым звязанае будзе для мяне галоўным на ўсё астатняе жыццё. Фактычна так яно і атрымліваецца
».

Алесь узгадваў, што іншыя студэнты ахвотна размаўлялі з імі па-беларуску, але ж заставаліся двухмоўнымі, у той час як Бяляцкі выкарыстоўваў выключна беларускую мову, нават на лекцыях па рускай літаратуры.

«Мы збеларусіліся канчаткова і беспаваротна. Мне неўтаймавана хацелася ўплываць на іншых людзей, папулярызаваць беларускую мову, уздымаць нацыянальную свядомасць. Да гэтага натуральнага асветніцтва, адраджэнскага шляху падахвочвалі і наладжаныя мной кантакты са свядомымі беларускімі студэнтамі-менчукамі Вінцуком Вячоркам ды іншымі.

Мне тады ўяўлялася, што мы, як актыўныя атамы, піхаючы, расштурхоўваючы іншых, перадаючы ім свой беларускі станоўчы зарад, непазбежна выклічам ланцуговую рэакцыю, якая прывядзе да ўтварэння моцнай беларускай свядомай інтэлігенцыі, а тая, у сваю чаргу, усвядоміць шырокія масы простага народа. … На гэта не шкода было пакласці сваё жыццё
», — узгадваў Бяляцкі той перыяд у кнізе «Бой з сабой», тэкст якой пераважна быў напісаны падчас зняволення ў бабруйскай калоніі.

У 1981 годзе разам с сябрамі заснаваў студэнцкі рок-гурт «Баскі». Візітоўнай карткай беларускацэнтрычнага рок-гурта, што складаўся з трох гітар, бубнаў і голасу, была хуліганістая песня з пераканаўчым тэкстам: «Толькі так! Свой трымай кірунак! Толькі так! У гэтым наш ратунак! Толькі так!».

У 1984 годзе Алесь атрымаў дыплом выкладчыка філалогіі. Перад паступленнем у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці.

Першы штраф за Марш. Пачатак грамадскай дзейнасці

Пасля вяртання з войска Алесь працягнуў вучобу ў аспірантуры і паралельна займаўся навуковай, літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. У 1986 годзе Бяляцкі стаў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Потым яго абралі старшынёй гэтай арганізацыі.

«Уся наша дзейнасць падзялілася на дзве часткі. Падпольная. Не больш за тузін аднадумцаў вырашаў стратэгічныя накірункі дзейнасці і найбольш эфектыўныя шляхі дасягнення нашай мэты. Друкаваліся яны ў часопісе „Бурачок“.

Другі момант — легальны. Гутарка пра работу так званых „нефармальных“ арганізацый, якія аб’ядноўвалі моладзь па інтарэсах. Адну з іх мы прыдумалі і стварылі разам з Анатолем Сысом — таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя“.

Адбываўся злом эпохі. Валіліся былыя аўтарытэты, друкаваліся неабгрунтавана забытыя пісьменнікі, людзі пачыналі размаўляць на забароненыя тэмы
».

У адзін дзень 19 кастрычніка 1988 году Бяляцкі стаў сузаснавальнікам першай праваабарончай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі» і сябрам арганізацыйнага камітэту Арганізацыйнага камітэта Беларускага народнага фронта «Адраджэнне». На той момант яму было 27 гадоў.

Літаральна праз пару тыдняў 30 кастрычніка 1988 году ў Мінску адбылося легендарнае шэсце «Дзяды». Гэта была першая масавая акцыя ў Беларусі, а Бяляцкі з’яўляўся яе заяўляльнікам. Тады яго затрымалі як арганізатара і аштрафавалі на 200 савецкіх рублёў.

Затрыманне Алеся Бяляцкага ў 1988 годзе

«Мы вырашылі правесці акцыю, хаця ўлады неаднаразова заклікалі на яе не хадзіць. Нават спрабавалі запалохаць. Гэта выклікала супрацьлеглую рэакцыю. На наша здзіўленне, на „Дзяды-88“ прыйшлі тысячы людзей.

Улады рыхтаваліся да разгону і недапушчальнасці акцыі. Ужо пазней у рукі мне трапіў дакумент з рэгламентацыяй, што яны збіраліся рабіць. Адна група нейтралізуе лідараў, другая захоплівае сродкі агучвання і г.д. Па гэтым сцэнары яны і дзейнічалі.

Мяне арыштавалі адразу. Трэба сказаць, што рэзананс ад гэтай акцыі для іх быў вельмі нечаканым. Грамадства абурылася, народ пачаў думаць над тым, што адбываецца вакол і што трэба рабіць. Улічваючы, што за месяц перад тым быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту, гэта дало новаму руху тысячы прыхільнікаў. Дэмакратычныя змены ў Беларусі пачалі адбывацца вельмі імкліва. Ніхто такого прадбачыць не мог. Юнацкая мара пра незалежнасць краіны стала рэальнасцю
».

Аспірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР Бяляцкі скончыў вясной 1989 году, але ад абароны кандыдацкай дысертацыі адмовіўся. На яе аснове ў 1991 годзе выдаў сваю першую кнігу «Літаратура і нацыя».

Музей як нацыянальная пляцоўка. Праца ў музеі

У 1989 годзе Алесь пачаў працаваць у Музеі гісторыі беларускай літаратуры, адразу — малодшым навуковым супрацоўнікам, а пазней яго абралі дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе ён працаваў да жніўня 1998 года.

«Па Саюзе ішла хваля (з самага верху), калі выбіралі кіраўнікоў розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Неўзабаве такі конкурс абвесцілі і ў суседнім музеі Максіма Багдановіча.

Я працаваў малодшым навуковым супрацоўнікаў і вырашыў узяць у ім удзел. Было чатыры кандыдаты, але ўсе галасы аддалі мне. Так вырашыў калектыў. Трэба адзначыць, што гэта выклікала ў Міністэрстве культуры, мякка кажучы, непаразуменне. Там добра ведалі маю папярэднюю біяграфію. Месяц зацвярджэння не было, а потым тагачасны міністр Яўген Вайтовіч махнуў рукой — прызначайце
».

Пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага была завершана падрыхтоўка экспазіцыі «Беларуская хатка» і цэнтральнага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Ён прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Багдановіча, якія праводзіліся ў Беларусі, ва Украіне і Расеі. Алесь з’яўляўся ініцыятарам выдання архіўных зборнікаў, прысвечаных публікацыі матэрыялаў пра жыццё Багдановіча, яго родных і знаёмых, выдання ўспамінаў бацькі паэта Адама Багдановіча.

«Пакуль працаваў у музеі, за дырэктарства асабліва не трымаўся, разглядаў музей як нацыянальную пляцоўку, а не сховішча мёртвых рэчаў, таму там больш за год месцілася і герменчукоўская „Свабода“, і дубаўцоўская „Наша Ніва“, праводзіліся сходы Управы і Сойму БНФ, адбывалася святкаванне ўніяцкіх Калядаў, збіралася Беларуская каталіцкая грамада, былі зарэгістраваныя дзясяткі няўрадавых арганізацыяў. Адным словам, музей быў напоўнены сучасным беларускім жыццём».

Алесь Бяляцкі ў 2021 годзе ў СІЗА пачаў пісаць успаміны пра музей Максіма Багдановіча.

За кратамі 8 снежня 2021 года Алесь адзначыў і 30-годдзе адкрыцця экспазіцыі музея.

«Вось толькі як адсвяткавалі 130-я ўгодкі з нараджэння Максіма Багдановіча. Я ўвесь лістапад-снежань узгадваў, як 30 гадоў таму мы адчынялі музей Максіма Багдановіча на Траецкім прадмесці. Два гады перад адкрыццём я і мае калегі па музеі працавалі без перадыху. Якое задавальненне і радасць былі, калі музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Быў невялікі сюжэцік па БТ пра музей — прыемна было глядзець. Як кажуць: „Быў час, была эпоха“. 30 гадоў — нейкія неверагодныя лічбы. Вось так жыццё і мінае», — пісаў Алесь у лістах пра гэтую важную дату.

У 1991 годзе Алесь Бяляцкі быў вылучаны кандыдатам у народныя дэпутаты калектывам музея Максіма Багдановіча і часопіса «Спадчына».

Перадвыбарчая ўлётка Алеся Бяляцкага

Алесь быў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у 1991–1996 гадах.

Праваабарончая дзейнасць у «Вясне»

У 1996 годзе ўлады жорстка разагналі шматтысячны «Чарнобыльскі шлях» і затрымалі больш за 200 чалавек. Тады грамадскія актывісты аб’ядналіся, каб дапамагаць затрыманым і іх сем’ям. Так узнікла праваабарончая ініцыятыва «Вясна-96», якая пазней рэфармавалася ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» з філіямі ў розных гарадах Беларусі. Яе заснавальнік Алесь Бяляцкі застаецца старшынёй арганізацыі да гэтага часу.

«Два першыя гады я працаваў у „Вясне“ паралельна з працай у музеі. А потым адтуль вымушаны быў сысці, мая літаратуразнаўчая і музейніцкая біяграфіі цалкам ператварыліся ў праваабарончую.

Шчыра кажучы, калі стваралі гэтую арганізацыю, я не думаў, што яна праіснуе так доўга. Лічыў, праз 2–3 гады (максімум 5) патрэба ў ёй увогуле адпадзе, і мы вернемся да звычайнай работы — музейнай, літаратурнай, навуковай, палітычнай. На жаль, памыліўся
», — узгадваў Алесь Бяляцкі.

Але як раз пасля назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе на праваабаронцаў узмацніўся ціск. У 2003 годзе Вярхоўны суд пазбавіў «Вясну» дзяржаўнай рэгістрацыі — фактычна гэта азначала ліквідацыю арганізацыі.

У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю Праваабарончага цэнтру «Вясна» парушэннем свабоды асацыяцыяў сяброў арганізацыі і рэкамендаваў узнавіць у правах Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў.

Чытаць цалкам рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН наконт ліквідацыі праваабарончага цэнтру «Вясна»

У 2007 годзе, а потым двойчы ў 2009 годзе былі прадпрынятыя безпаспяховыя спробы рэгістрацыі арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Тады праваабаронцы «Вясны» заявілі, што будуць працягваць мірную праваабарончую дзейнасць без рэгістрацыі.

У 2007 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека FIDH.

Першая крымінальная справа

За ўвесь час існавання «Вясны» ўлады не аднойчы ціснулі на праваабаронцаў за іх дзейнасць па адстойванні правоў і дапамозе людзям. Алесь заўсёды актыўна падтрымліваў рэпрэсаваных беларусаў, за што быў затрыманы ў межах крымінальнай справы. 4 жніўня 2011 году Алеся Бяляцкага арыштавалі па абвінавачанні ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Міністэрства юстыцыі Літвы і Генпракуратура Польшчы выдалі беларускім уладам інфармацыю пра рахункі праваабаронцы ў замежных банках. На гэтыя рахункі паступала фінансавая дапамога пацярпелым ад рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў.

Апошні здымак перад арыштам («Радыё Свабода»)

24 лістапада 2011 года Першамайскі суд горада Мінска асудзіў Алеся Бяляцкага на 4,5 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Сваёй віны ён не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць і дапамогу людзям.

«Праваабарончай дзейнасцю, і ўвогуле грамадскай дзейнасцю, я займаюся практычна ўсё маё жыццё. У гэтым годзе — 30 гадоў як я займаюся грамадскай дзейнасцю. І перыяд, калі я адчуваў сябе больш-менш спакойна і свабодна — гэта з 1991-га па 1995-ты год. Пры такой кепскай сітуацыі, якая склалася ў краіне перманентна на працягу апошніх гадоў, натуральна, што крымінальны пераслед мог пачацца ў кожную хвіліну, у кожны год. І тое, што магло адбыцца — адбылося. Таму я не шкадую ні пра адзін свой крок, зроблены за гэтыя 30 гадоў у плане абароны дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі. Я гэта рабіў свядома», — сказаў у апошнім слове на судзе праваабаронца.

Відавочна палітычна-матываванае рашэнне асудзілі краіны Еўрасаюза і ЗША, буйныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама лідары беларускіх апазіцыйных палітычных партый. МЗС Беларусі негатыўна ацаніў дадзеную рэакцыю заходніх краінаў на прысуд. Адбываць тэрмін Бяляцкага адправілі ў бабруйскую калонію № 2.

23 лістапада 2012 года Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях апублікавала рашэнне, у якім сцвярджаецца, што зняволенне Алеся Бяляцкага супярэчыць артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (праву на свабоду асацыяцый).

Рашэнне КПЧ ААН па справе Алеся Бяляцкага

Крыніца: ЗБС «Бацькаўшчына»

21 чэрвеня 2014 года Алеся Бяляцкага амніставалі. Ён правёў у зняволенні 1052 дні. Алесь вярнуўся да праваабарончай дзейнасці і выканання абавязкаў старшыні «Вясны», негледзячы на тое, што ў Беларусі яму па-ранейшаму пагражаў пераслед.

Чатыры кнігі напісаныя за кратамі. Літаратурная дзейнасць

Агулам Алесь Бяляцкі выпусціў каля дзесяці кніжак, шмат матэрыялаў для якіх былі напісаныя падчас ягонага зняволення. У іх ён разважае пра падзеі асабістага і грамадскага жыцця, людзей побач з сабой, падарожжы, гісторыю і літаратуру Беларусі, стан у зняволенні. У 2016 годзе праваабаронца напісаў кнігу «Бой з сабой» — творчы партрэт паэта Эдуарда Акуліна. Першыя тры раздзелы гэтай кнігі пісаліся ў Бабруйскай калоніі. Таксама ён выпусціў эсэ «Калі Бог з намі, дык хто тады супраць нас?» пра падарожжа ў Кракаў з нагоды 25-х угодкаў «Салідарнасці».

Кнігі Алеся Бяляцкага (чатыры з іх напісаныя за кратамі):

Алесь Бяляцкі быў ўзнагароджаны літаратурнымі прэміямі: прэміяй Нарвежкага саюзу пісьменнікаў «За свабоду слова» (2011), прэміяй імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Іртутнае срэбра жыцця. Пралог: нататкі праваабаронцы» (2014).

Другая крымінальная справа пасля падзей 2020 года

У 2020 годзе ў Беларусі адбыліся самыя масавыя акцыі пратэсту ў гісторыі — людзі выказвалі пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. «Вясна» назірала за выбарамі ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а таксама дапамагалі пацярпелым ад рэпрэсій. Рэакцыя ўладаў на няўгодную ім праваабарончую дзейнасць не прымусіла сябе чакаць.

16 лютага 2021 года адбылася першая вялікая атака на прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый па ўсёй Беларусі, у тым ліку на праваабаронцаў «Вясны». З самай раніцы ў мінскі офіс «Вясны» на пр. Незалежнасці, 78А сілавікі прыйшлі з ператрусам, падчас якога прысутнічаў Алесь Бяляцкі. Вобшукі адбыліся і ў рэгіянальных аддзяленнях «Вясны» ў Магілёве, Рэчыцы, Мазыры, Брэсце.

«У рамках папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэснай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», — пракаментаваў тады масавы напад на актывістаў грамадзянскай супольнасці Следчы камітэт.

У многіх праваабаронцаў і актывістаў канфіскавалі тэхніку, якую не вярнулі па гэты дзень. Пазней следчыя пачалі выклікаць на допыты сябраў арганізацыі і валанцёраў па фактах «фінансавання дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прэтэнзія дзяржавы да Алеся і праваабаронцаў «Вясны» складаецца ў тым, што нібыта дапамога пацярпелым ад дзеянняў уладаў падахвочвала людзей да ўдзелу ў пратэстах.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай з нагоды распачатай крымінальнай справы:

«У склаўшайся сітуацыі вострага крызісу з правамі чалавека ў краіне дзейнасць ПЦ „Вясна“ скіраваная на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека. У гэтых мэтах мы актыўна ўзаемадзейнічаем з міжнароднымі механізмамі абароны правоў чалавека, у тым ліку ў межах такіх міжнародных арганізацый, як АБСЕ і ААН.

Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ „Вясна“ як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існуючага аўтарытарнага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне
».

Алеся Бяляцкага першы раз выклікалі на допыт па «Справе Вясны» у Следчы камітэт у якасці сведкі 7 красавіка 2021 года, але ён не адбыўся, бо праваабаронца запатрабаваў праводзіць допыт і пратакол допыту па-беларуску. У выніку, допыт перанеслі на іншы дзень.

«Некаторыя з каментатараў расцанілі перанос допыту як перамогу, маўляў, Бяляцкі падцёр нос Следчаму камітэту. Насамрэч перамогі ў гэткім сэнсе я зусім ня бачу. Я ня ставіў сабе гэта за мэту. Жартаваць сёння са следчым камітэтам тое самае, што дражніць гадзюку.

Але я перамог у іншым — адстаяў права ў гэтай нярвовай і хаатычнай сітуацыі заставацца самім сабой. Тое, што сталася незвычайным для Следчага камітэта, для мяне атрымалася звыклай справай. Беларуская мова для мяне — не экзотыка і не антураж. Сама ж сітуацыя падкрэсліла яшчэ раз той бядотны стан, у якім яна сёння апынулася
», — пісаў у сваім блогу Алесь.

Позва («Вясна»)

Наступны допыт цягнуўся чатыры гадзіны і праходзіў цалкам па-беларуску.

У фільме «Радыё Свабода» Алесь так адказаў на пытанне журналістаў, што беларусам рабіць, калі раптоўна пасадзяць праваабаронцаў:

«Тое, што мяне ўразіла, і тое, што мне прынесла моцнае задавальненне, — тое, што мы ўбачылі пасля таго, як інфармацыя пра катаванні дайшла да беларускага грамадства. І тое, што патрабавала беларускае грамадства, гэтыя стотысячныя дэманстрацыі, гэта ўсё тое, што заўсёды патрабавалі беларускія праваабаронцы. Гэта правядзенне справядлівых выбараў, гэта пакаранне тых, хто здзяйсняў злачынcтвы, гэта вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Гэта нашая місія, гэта нашыя стратэгічныя лозунгі, тое, чаго мы заўсёды дабіваліся. Вельмі важна зразумець, што нашыя правы ў нашай сітуацыі могуць абараніць толькі ўсё беларускае грамадства, — ніякія там асобныя праваабаронцы ці журналісты.

Сапраўды, нас могуць вельмі моцна рэпрэсаваць, нас могуць пахаваць па турмах, выгнаць з краіны, але ў гэтай сітуацыі толькі мільёны беларусаў могуць абараніць свае правы. Таму вельмі важна, каб гэтае жаданне і настойлівае патрабаванне ў выкананні правоў, якія датычацца кожнага грамадзяніна, каб гэтая просьба і ціск ішоў ад усяго беларускага грамадства
».

Чарговы разгром грамадзянскай супольнасці адбыўся 14 ліпеня 2021 года — гэты дзень назвалі «чорнай серадой». Тады затрымалі адразу 11 сябраў «Вясны». Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі пакінутыя пад вартай і пераведзеныя ў Следчы ізалятар № 1 у Мінску, вядомы як «Валадарка».

Падрабязнасці затрымання старшыні «Вясны» да гэтага часу невядомыя, бо ён на той момант быў адзін. Раніцай 14 ліпеня ён проста перастаў адказваць калегам і каляжанкам, што на яго вельмі непадобна. Толькі ў 18 гадзін вечара вясноўцы дазналіся, што Алесь затрыманы ў межах крымінальнай справы. Вядома, што дома ў яго правялі ператрус, але сілавікі нават не пакінулі адпаведную пастанову. Офіс «Вясны» ў Мінску на вуліцы Мяржынскага, дзе было працоўнае месца Бяляцкага, апячатаны.

Фота апячатанага офісу («Вясна»)

Расследванне крымінальнай справы супраць вясноўцаў праходзіць максімальна схавана. Доўгі час калегі і блізкія Алеся нават не ведалі, які дакладна артыкул яму інкрымінуецца.

З раскладу суда пра працэс па скарзе Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна ўтрымання пад вартай 6 кастрычніка 2021 года стала дакладна вядома, што праваабаронцу прад’яўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Тады суд пакінуў скаргу без задавальнення, як і ўсе наступныя.

Асноўная прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў — тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтр «Вясна». З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў.

26 верасня 2022 года стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нясплата падаткаў) спыненая. Але трох праваабаронцаў не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 КК. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за несплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам, у тым ліку Алесю Бяляцкаму, цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

28 лістапада стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд «справу супраць Вясны». Дата суда пакуль не прызначаная.

У зняволенні

Інфармацыі пра ход справы і следчыя дзеянні з удзелам Алеся Бяляцкага ў родных і калегаў амаль няма, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Лісты на волю ад яго прыходзяць рэдка.

«Навінаў мала, бо дні цякуць аднастайна ад ранішняй праверкі да вячэрняй, ад пад’ёму да адбою, ад сняданку да абеда, ад абеда да вячэры. Як бы нічога не адбываецца, але ўсё і не апішаш. Увогуле, у мяне як у назве рамана Аляксандра Дзюмы „Десять лет спустя“ („Праз 10 гадоў“)», — пісаў у лістападзе 2021 года Алесь Бяляцкі.

Першая вестачка ад Алеся на волю да каляжанкі

За кратамі ў Алеся сапсавалася здароўе — тыповая і частая праблема ў беларускіх палітзняволеных. На шосты месяц зняволення жонка Алеся распавяла, што у яго змяніўся почырк. Аднойчы яна нават падумала, што ліст прыйшоў не ад мужа. Яна тлумачыць гэта тым, што ў праваабаронцы сапсаваўся зрок.

«Гэта выклікана абставінамі і ўмовамі знаходжання, усімі цяжкасцямі, з якімі сутыкаецца Алесь цяпер», — казала яна.

Як стала вядома праваабаронцам напрыканцы жніўня 2021 года, Алеся Бяляцкага ў СІЗА-1 змясцілі ў так званы «спецкалідор» — паўпадвальнае памяшканне з дрэннымі ўмовамі.

Салідарнасць пасля другога затрымання

Затрыманне Алеся Бяляцкага і рэпрэсіі супраць праваабаронцаў «Вясны» выклікалі вялікую хвалю абурэння як унутры краіны, так і за яе мяжой.

На наступны дзень пасля затрымання праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай аб прызнанні палітвязнямі затрыманых сябраў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

У хуткім часе 161 праваабарончая арганізацыя з усяго свету патрабавалі спыніць рэпрэсіі супраць Праваабарончага цэнтра «Вясна», вызваліць праваабаронцаў і валанцёраў.

Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Нікола Бэер далучылася да кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou у падтрымку старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага.

«Для мяне вялікі гонар зноў ўзяць на сябе адказнасць. Адказнасць у якасці „хроснай“ аднаго з сотняў палітвязняў у Беларусі. Алесь Бяляцкі — паважаны чалавек. Яго некалькі разоў намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру за абарону правоў чалавека і асноўных свабод з дапамогай негвалтоўнай дзейнасці. За гэта ён зараз знаходзіцца ў СІЗА па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

Я ўсім сэрцам падтрымліваю вызваленне Алеся Бяляцкага, таму што ведаю, якую выдатную паслугу вы аказваеце беларускаму грамадству. Я патрабую тут і цяпер ад спадара Лукашэнкі і беларускіх уладаў спыніць крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага
».

17 верасня 2021 года распачалася міжнародная кампанія за вызваленне вясноўцаў #FreeViasna. Сотні актывістаў і спачуваючых грамадзянаў выйшлі на акцыі падтрымкі ў шматлікіх гарадах розных краінаў і выказалі салідарнасць з праваабаронцамі.

24 лістапада 2021 года падчас выступу ў Еўрапарламенце лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская ўзгадала старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага. Праз год падчас выступу ў Еўрапарламенце яна зноў ўзгадала Алеся Бяляцкага і распавяла, што навіну аб атрыманні Нобелеўскай прэміі праваабаронца даведаўся ў турэмнай камеры. А ўсяго два гады таму ён быў у Еўрапарламенце, дзе яму ўручалі прэмію Сахарава.

«У кожным выступе, у кожнай заяве ён паўтараў: „Не забывайцеся пра Беларусь. Не забывайцеся пра нашых палітвязняў“. З таго часу колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася ў 10 разоў. Цяпер 1350 палітвязняў утрымліваюцца ў нечалавечых умовах, і гэтая колькасць расце з кожным днём. Алесь — адзін з іх».

27 лістапада 2021 года Міжнародны ПЭН заклікаў вызваліць праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага.

2013 год
2022 год

4 жніўня 2022 года праваабаронцы зноў актуалізавалі Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, калі 11 год таму быў арыштаваны кіраўнік і заснавальнік «Вясны» Алесь Бяляцкі. Вясноўцы правялі акцыю салідарнасці каля амбасады Беларусі ў Вільні. Месца і дата абраныя невыпадкова: ў 2013 годзе каля Беларускай амбасады ў Вільні адбылася першая такая акцыя — каб выказаць салідарнасць са зняволеным старшынёй «Вясны» Алесем Бяляцкім. Тады ўдзельнікі акцыі былі ў масках з ягоным партрэтам. Цяпер жа Алесь Бяляцкі зноў за кратамі і ягоныя калегі зноў выйшлі на акцыю пратэсту.

Узнагароды

Вацлаў Гавел уручае Алесю Бяляцкаму прэмію Homo Homini

Мужная, паслядоўная і прынцыповая пазіцыя Алеся Бяляцкага па адстойванні правоў чалавека ў Беларусі і ва ўсім свеце адзначалася многімі міжнароднымі ўзнагародамі: у 2006 годзе — шведскай прэміяй імя Пера Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавел, у 2011 годзе — дыпломам «За мужнасць і барацьбу за свабоду», прэміяй «Найлепшы праваабаронца года», у 2012 годзе — прэміяй Дзярждэпартамента ЗША, прэмія Леха Валенсы, прэміяй імя Петры Кэлі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі, у 2013 годзе — прэміяй Вацлава Гавела ад ПАСЕ, у 2019 годзе — прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закона». Пяць разоў Алесь вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру.

Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам трох гарадоў — французкага Парыжа і італьянскіх Гену і Сіракузы.

У 2020 годзе старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі і арганізацыя сталі першымі беларускімі лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award», вядомай як «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія». Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі ўзнагароду за іх ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.

У 2020 годзе лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» імя Сахарава стала дэмакратычная апазіцыя Беларусі, «прадстаўленай Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці» 10 вядомых асоб, у тым ліку, Алесем Бяляцкім.

«Уручэнне прэміі Еўрапарламента шырокай беларускай дэмакратычнай апазіцыі з’яўляецца прызнаннем заслуг усяго беларускага народу, які сёння адчайна змагаецца за дэмакратычныя змены ў Беларусі.

Тое, што у спісе лаурэатаў ёсць і мае імя я расцэньваю жэстам падтрымкі нашай грамадзянскай супольнасці, беларускіх праваабаронцаў, маіх сяброў з Праваабарончага цэнтру «Вясна
», — казаў Алесь Бяляцкі пра прэмію.

Восенню 2022 года Праваабарончаму цэнтру «Вясна» ўручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі».

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў „Вясны“ былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», — заявілі арганізатары.

«Гэтыя людзі з гатоўнасцю трапілі ў турму, таму што верылі настолькі цвёрда, змагаліся за незалежнасць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі», — сказаў Джордж Клуні ў эфіры тэлеканала CBS напярэдадні ўручэння прэміі.

Нобелеўская прэмія міра

У 2022 годзе лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр Грамадзянскіх Свабод» і расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял». Пра гэта 7 кастрычніка 2022 года паведаміў Камітэт прэміі.

Пазнаёміцца з поўным абгрунтаваннем рашэння Нобелеўскага камітэта міру можна тут.

Сёлета праваабаронцу вылучалі на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. Алесь Бяляцкі стаў трэцім чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

«Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах, — заявілі ў Нобелеўскім камітэце. — Яны шмат гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць фундаментальныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганні, каб задакументаваць ваенныя злачынствы, парушэнні правоў чалавека і злоўжыванне ўладай».

У Камітэце адзначылі, што Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х. Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і мірнага развіцця ў сваёй краіне.

«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць, — падкрэслівае Нобелеўскі камітэт. — З 2020 года ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай без суда. Нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантыметр у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

Вядома, што Алесь хутка дазнаўся пра прэмію, але яго рэакцыя на рашэнне Нобелеўскага камітэту да гэтага часу невядомая.

10 кастрычніка 2022 года эксперты ААН заклікалі неадкладна вызваліць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў у Беларусі.

«У прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ёсць сур’ёзны прабел, і мы вітаем салідарнасць міжнароднай супольнасці і ўсе заснаваныя на міжнародным праве настойлівыя высілкі ў справе ўстанаўлення справядлівасці».

Пра прэмію беларускаму праваабаронцу выказалася шмат вядомых дзеячаў. Напрыклад, амерыканскі прэзідэнт Джо Байдан сказаў:

«Сёлетнія лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру нагадваюць нам, што нават у змрочныя дні вайны, перад абліччам запалохвання і прыгнёту, агульначалавечае імкненне да правоў і годнасці не можа быць знішчана.

На працягу многіх гадоў яны нястомна змагаліся за правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку за права свабодна выказвацца і адкрыта крытыкаваць. Яны выконвалі сваю місію з запалам і настойлівасцю. <…> Алесь Бяляцкі ніколі не адмаўляўся ад патрабавання дэмакратычных свабод, якіх заслугоўвае беларускі народ, нават знаходзячыся ў зняволенні.

Перш за ўсё, смельчакі, якія займаюцца гэтай працай, шукалі праўду і задакументавалі свету палітычныя рэпрэсіі сваіх суграмадзян — выказваліся, супрацьстаялі і трымаліся курсу, падвяргаючыся пагрозам з боку тых, хто дамагаўся іх маўчання. Тым самым яны зрабілі наш свет мацнейшым
».

Нобелеўская прэмія міра Алесю падтрымала не толькі самога лаўрэата, праваабаронцаў і беларусаў на волі, але і іншых палітвязняў. Палітзняволеная галоўная рэдактарка TUY.BY Марына Золатава напісала пра гэта з-за кратаў:

«За гэтыя паўтара года ўнутры мяне былі вельмі розныя пачуцці — і негатыўныя, і пазітыўныя. З апошніх пазітыўных — навіна пра тое, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Навіны тут вельмі спазняюцца, але, што цікава, за некалькі хвілін да таго, як я ўсё даведалася, я з ім разам ішла па калідоры турмы. А ён, сціплы, нічога не сказаў.

Проста ўяві, як гэта выглядае: чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, сядзіць у некалькіх камерах ад цябе. Думаю, гэтая Нобелеўка Бяляцкага матывуе і натхняе ўсіх палітвязняў. У нас на Валадарцы дык дакладна
»

Першая беларуска, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, Святлана Алексіевіч таксама пракаментавала прэмію праваабаронцы:

«Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія.

Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім „Вясна“, — гэта ў ягоным духу, у ягонай філасофіі. Я вельмі рада.

Мы ўсе павінны гаварыць аб тым, што яму трэба быць на волі, са сваім народам. Што зробіць з ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек не можа быць у турме — гэта прыніжэнне і народа, і самой улады, калі яна гэта разумее
», — падкрэсліла яна.

Салідарнасць

Як падтрымаць Алеся Бяляцкага?

Алесь Бяляцкі з канца ліпеня 2021 года ўтрымліваецца пад вартай на «Валадарцы». Падтрымаць нобелеўскага лаўрэата можна па адрасе СІЗА-1, Валадарскага, 2, Мінск, 220030, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму наступнымі спосабамі:

  • лістом, паштоўкай ці тэлеграмай (з дамашняга тэлефона можна па нумару 166)
  • грашовым пераводам праз пошту ці інтэрнэт-банкінг з беларускай карткі
  • пасылкай з рознымі прыемнымі дробязямі.

Акрамя гэтага, можна:

  • падпісаць петыцыю Libereco за вызваленне Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў
  • напісаць адкрыты ліст і адправіць яго на пошту [email protected] альбо ў тэлеграм @Viasnainfo;
  • зрабіць пост пра Алеся з хэштэгам #FreeAles #FreeViasna
  • зладзіць акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім, калі вы знаходзіцеся ў бяспечнай краіне
  • падтрымаць данатамі «Вясну» на Patreon